ТКА́НКАВАЯ ТЭРАПІ́Я,

лячэнне прэпаратамі з кансерваваных тканак жывёльнага (напр., водны экстракт плацэнты чалавека), расл. (сок, экстракт і лінімент альясу), таксама мінер. рэчывамі (ліманная гразь). Прапанавана У.П.Філатавым (1933). Ізаляваныя тканкі ў неспрыяльных умовах (холад, цемра) утвараюць біягенныя стымулятары, якія паскараюць абмен рэчываў, працэсы рэгенерацыі, аказваюць процізапаленчае дзеянне.

Прэпараты для Т.т. ўжываюцца звонку, унутр, як ін’екцыі і інш. Паказанні для Т.т.: захворванні вачэй (запаленне рагавіцы, кан’юнктывіты і інш.), апёкі, пролежні, гнойныя раны, траўмы, гінекалагічная паталогія, захворванні страўнікава-кішачнага тракту, прафілактыка заўчаснага старэння і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)